ВЫШЭ́ЙШЫЯ КУ́РСЫ БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА.

Існавалі са снеж. 1923 да ліп. 1927 у Мінску. Рыхтавалі выкладчыкаў беларусазнаўства для тэхнікумаў, рабфакаў і 7-гадовых школ, займаліся павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. Тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся бел. мова (Я.​Ю.​Лёсік), гісторыя бел. л-ры (праф. М.​М.​Піятуховіч), гісторыя (праф. В.​Д.​Дружчыц), геаграфія (М.​В.​Азбукін), этнаграфія Беларусі (І.​А.​Сербаў), гісторыя бел. мастацтва (М.​М.​Шчакаціхін), педагогіка (С.​В.​Васілеўскі), методыкі выкладання бел. мовы (Я.​Колас), бел. л-ры (праф. І.​І.​Замоцін), грамадазнаўства (Я.​І.​Каранеўскі), прыродазнаўства (праф. А.​У.​Фядзюшын) і інш. Загадчыкі курсаў: А.​А.​Сянкевіч, М.​А.​Грамыка, А.​Ю.​Міцкевіч. Пераўтвораны ў Вышэйшыя курсы грамадазнаўства.

У.​У.​Грамовіч.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)